Перайсці да зместу

Вікінт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вікінт
Уяўны партрэт Вікінта з «Апісання Еўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваньіні, 1578
Уяўны партрэт Вікінта з «Апісання Еўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваньіні, 1578
Жамойцкі князь
1219 — 1253

Нараджэнне XIII стагоддзе
Смерць 1253(1253)
Помнік князю Вікінту на вуліцы жамойцкіх Твераў

Вікінт (літ.: Vykintas; памёр каля 1253) — князь жамойцкі, дзядзька (па маці) Таўцівіла і сапернік вялікага князя літоўскага Міндоўга.

Імя Вікінт — з шэрагу старабалцкіх (старалітоўскіх) двухасноўных імёнаў. Такія імёны дайшлі з індаеўрапейскай эпохі і ўласцівыя іменнікам народаў індаеўрапейскага паходжання[1].

Першая аснова Vy- звязаная з ад індаеўрапейскім *ṷei- : ṷī- «пераследаваць, гнаць; імкнуцца», ад якога літоўскае vyti, vajoti «гнаць», vainoti «лаяць» (ранейшае значэнне — «ваяваць, змагаць»)[2].

Другая аснова Kint- роднасная асновам Kant-, Kent-, усе яны звязаныя з літоўскім kantrus «цярплівы, трывалы», kentėti «цярпець, трываць», žiem-kintys «зімаўстойлівы» (гняздо kant- : kent- : kint-), ад індаеўрапейскага *kenth- «цярпець»[3].

Імя Вікінт значыла «Ваяўнічы і трывалы», і гэта адпавядала каштоўнасцям княска-ваярскага раннелітоўскага асяроддзя[4].

Упершыню Вікінта згаданы ў 1219 годзе (паводле датавання летапісу — 1215), калі разам з іншымі літоўскімі князямі падпісаў мірны дагавор з Галіцка-Валынскім княствам[5].

Ёсць гіпотэза, што Вікінт мог камандаваць жамойцкім войскам у Саўлеўская бітва ў 1236 годзе[6], калі Ордэн Мечаносцаў пацярпеў паражэнне і вымушаны быў неўзабаве далучыцца да Тэўтонскага.

У 1248 годзе Міндоўг паслаў Вікінта і сваіх пляменнікаў (па бацьку) Таўцівіла і Едзівіда вайной на Смаленск. Спачатку паход развіваўся ўдала, але ў 1249 годзе ў бітве каля Зубцова літоўскае войска пацярпела паражэнне. Даведаўшыся пра гэта, Міндоўг вырашыў адабраць уладанні князёў. Вікінт, Таўцівіл і Едзівід вымушаны бегчы да швагра Таўцівіла і Едзівіда галіцка-валынскага князя Данілы Раманавіча.

У 1250 годзе сапернікам Міндоўга ўдалося стварыць моцную кааліцыю, куды ўвайшлі войскі Лівонскага ордэна і Галіцка-Валынскага княства[7], адбыліся два паходы, адзін на Нальшу, другі на Варуту, у апошняй абараняўся сам Міндоўг[8].

Тым не менш, Міндоўг здолеў разладзіць кааліцыю скіраваную супраць яго. Ён вывеў з вайны Ордэн, прыняўшы хрышчэнне і аддаўшы зямлі паўночных балтыйскіх плямёнаў (куршаў, земгалаў і іншых) у рукі крыжакоў[9]. У 1252 годзе Міндоўг перайшоў у контрнаступленне і аблажыў сталіцу Вікінта Тверы (літ. Tverai, у хроніках «Тверымет»), але няўдала. Неўзабаве Міндоўгу падпісаў мір і з Данілам Галіцкім, паводле якога сын апошняга, Шварн Данілавіч узяў у жонкі дачку Міндоўга.

Каля 1253 года Вікінт памёр, Таўцівіл быў вымушаны зноў бегчы да Данілы Галіцкага, кааліцыя распалася, а Міндоўг прыняў тытул караля Літвы.

  1. T. Milewski. Indoeuropejskie imiona osobowe. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1969. С. 11-13.
  2. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 1123—1124.
  3. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 641.
  4. С. Валянтас. Двусоставные антропонимы — реликты поэзии балтов // Балто-славянские исследования. XVI. Сборник научных трудов. М., 2004. С. 203—205.
  5. Галіцка-Валынскі летапіс па Іпацьеўскаму спісу
  6. Lietuvos valdovai (XIII—XVIII a.): enciklopedinis žinynas.
  7. Насевiч В. Л. Пакаленне першае: Міндоўг (1230-ыя — 1250-ыя гады) // Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мн., 1993.
  8. Ипатьевская летопись // Полное собрание русских летописей. — Т. 2. — СПб., 1908. — С. 808
  9. Sužiedėlis S. Tautvilas // Encyclopedia Lituanica.