Перайсці да зместу

Алегорыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Скульптар Кладыён — алегорыя ракі Рэйн

Алегорыя (ад стар.-грэч.: ἀλληγορία; стар.-грэч.: ἀλλος і стар.-грэч.: ἀγορεύω) — іншасказанне, увасабленне ў канкрэтным мастацкім вобразе абстрактнага паняцця, выраз якой-небудзь адцягненай ідэі.

У старажытных грэкаў алегорыя з’яўляецца ў Александрыйскі час, калі міфы перасталі ўтварацца натуральным чынам і зрабіўся прыкметным уплыў усходніх уяўленняў. Больш прыкметнае яе панаванне ў Рыме. Але шырэй за ўсё яна была распаўсюджана ў паэзіі і мастацтве Сярэднявечча з канца XIII ст., у той час неспакою, калі наіўнае жыццё фантазіі і вынікі мыслення схаластаў узаемна датыкаюцца і, наколькі магчыма, змешваюцца адно з адным. Так у большасці трубадураў, у Вольфрама фон Эшэнбаха, у Дантэ. Грэчаская паэма XVI ст. «Feuerdank», у якой апісваецца жыццё імператара Максіміліяна, можа служыць прыкладам алегарычна-эпічнай паэзіі.

Алегорыя паўстала на глебе міфалогіі, знайшла адлюстраванне ў фальклоры і атрымала сваё развіццё ў выяўленчым мастацтве. Асноўным спосабам выяўлення алегорыі з’яўляецца абагульненне чалавечых паняццяў; прадстаўленні раскрываюцца ў вобразах і паводзінах жывёл, раслін, міфалагічных і казачных персанажаў, у нежывых прадметах, што набываюць пераноснае значэнне.

Алегорыя Нёмана. Баляслаў Русецкі

Алегорыя, адпавядаючы багатаму на выявы спосабу прадстаўлення народаў Усходу, займае вялікае месца ў мастацтве Усходу. Наадварот, яна чужая грэкам пры цудоўнай ідэальнасці іх багоў, якія разумеюцца і ўяўляюцца ў выглядзе жывых асоб. Прыклад: алегорыя правасуддзя — Феміда (жанчына з шалямі). Алегорыя найбольш характэрная для сярэдневяковага мастацтва, эпохі Адраджэння, барока і класіцызму. Сярод майстроў, якія малявалі алегорыі, — многія майстры Італіі: С. Бацічэлі «Алегорыя сілы», алегорыя жывапісу і скульптуры (Гверчына), нават партрэт з алегорыяй малавядомага мастака-італьянца Джыралама Бедолі.

Алегорыя — мастацкае адасабленне старонніх паняццяў з дапамогай канкрэтных уяўленняў. Рэлігія, любоў, справядлівасць, разлад, слава, вайна, мір, вясна, лета, восень, зіма, смерць і г. д. адлюстроўваюцца i прадстаўляюцца як жывыя істоты (персаніфікацыя). Прыдадзеныя гэтым жывым істотам якасці і выгляд запазычаюцца ад характэрных учынкаў і следстваў таго, што адпавядае заключанаму ў гэтых паняццях адасабленню (напрыклад, адасабленне бою і вайны пазначаецца праз ваенныя прылады, сезонаў года — з дапамогай адпаведных ім кветак і пладоў, бесстароннасць — з дапамогай шаляў і павязкі на вачах, смерць — з дапамогай касы і г. д.).

Алегорыя — гэта выяўленне абстрактнай ідэі (паняцця) з дапамогай вобраза. Значэнне алегорыі, у адрозненне ад шматзначнага знака, адназначнае і аддзеленае ад выявы, сувязь паміж значэннем і вобразам усталёўваецца па падабенстве (напрыклад, леў — сіла, улада або валадаранне). Як троп алегорыя выкарыстоўваецца ў байках, прытчах, маралітэ. Алегорыя ў выяўленчых мастацтвах выяўляецца пэўным атрыбутам для перадачы іншага паняцця (вобраз, які выклікае ўражанне, схаваны сэнс, намёк, адцягненая ідэя ў мастацкім творы).

«Гаварыць алегорыямі» азначае гаварыць часам мудрагеліста, незразумела, бо разуменне залежыць ад адпаведнасці вобразаў гаворачага ў вобразна-асацыятыўным мысленні слухача, ад наяўнасці ў паняційным апараце індывіда сфарміраваных уяўленняў (на аснове жыццёвага вопыту, інтэлектуальнай сталасці). Неадпаведнасць спараджае неразуменне, канфлікт.

Зноскі