Абарырынга
Абарырынга | |
---|---|
кірыб. Abariringa | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 9 км² |
Насельніцтва | 24 чал. (2010) |
Шчыльнасць насельніцтва | 2,67 чал./км² |
Размяшчэнне | |
2°48′36″ пд. ш. 171°40′37″ з. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Астравы Фенікс |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Абарырынга (тунг. Abariringa), або Кантон (англ.: Kanton, Canton) — атол у групе астравоў Фенікс. Уваходзіць у склад дзяржавы Кірыбаці. Плошча — 9 км². Насельніцтва (2010 г.) — 24 чал.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Той факт, што да прыбыцця еўрапейцаў на Абарырынга жылі пацукі, можа сведчыць пра тое, што ў мінулым ён наведваўся палінезійцамі або мікранезійцамі.
Атол быў адкрыты 5 жніўня 1824 г. брытанскімі кітабоямі і названы ў гонар Марыі Балкот, жонкі капітана карабля. 4 сакавіка 1854 г. каля яго рыфа пацярпела крушэнне амерыканскае кітабойнае судна «Кантон». Каманда выратавалася і дала негасціннаму кавалку сушы імя свайго карабля.
У 1850-я гг. Вялікабрытанія і ЗША выказалі прэтэнзіі на тэрыторыю атола, аднак ніякіх захадаў да сапраўднай анексіі не зрабілі. Сітуацыя абвастрылася толькі ў 1937 г., калі да Абарырынга адначасова падышлі экспедыцыі ЗША і Новай Зеландыі для назірання за сонечным зацьменнем. Амерыканцы адмовілі новазеландцам прадставіць якарную стаянку. Караблі нават абмяняліся стрэламі ў паветра. У выніку абедзве экспедыцыі высадзіліся на бераг, аднак іх удзельнікі амаль не кантактавалі паміж сабою.
Пасля таго, як экспедыцыі пакінулі востраў, брытанскі і амерыканскі бакі працягвалі афіцыйную сварку і нават высаджвалі на атол сваіх прадстаўнікоў. 6 красавіка 1939 г. было дасягнута пагадненне аб узаемным выкарыстанні сушы. У 1939—1940 гг. на атоле была пабудавана станцыя, якая павінна была забяспечваць паветраную лінію паміж ЗША і Новай Зеландыяй. У гады II сусветнай вайны на Абарырынга быў пабудаваны аэрадром. У пасляваенны перыяд Вялікабрытанія адкрыла тут паштовае аддзяленне.
У 1960—1976 гг. атол выкарыстоўваўся амерыканцамі для назірання за ваеннымі ракетнымі выпрабаваннямі. У 1976 г. амерыканскія і брытанскія прадстаўнікі пакінулі тэрыторыю Абарырынга.
У 1979 г. амерыканска-брытанскае сумеснае ўладанне было спынена. Атол перайшоў да Кірыбаці. На ім з’явілася сталае паселішча Абарырынга, якое і дало сучасную назву (назва Кантон таксама працягвае выкарыстоўвацца).
У 2010 г. атол разам з іншымі астравамі Фенікс (Кірыбаці) быў уключаны як ахоўваемая тэрыторыя ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Абарырынга — класічны атол каралавага паходжання з шырокай лагунай (каля 50 км²), якая перавышае памеры сушы. Клімат экватарыяльны засушлівы. Крыніц пітной вады няма.
Наземная прырода бедная. Пераважаюць зараснікі травы і хмызняку. Дрэвы растуць толькі каля чалавечых хацін. Пасля вынішчэння большасці пацукоў адзінымі прадстаўнікамі мясцовай наземнай фаўны засталіся птушкі і крабы. Але, нягледзячы на ўмяшанне чалавека, добра захавалася прырода мясцовага каралавага рыфа.
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]На Абарырынга існуе адно паселішча з той жа назвай. Яго жыхары — тунгару з астравоў Гілберта — займаюцца сельскай гаспадаркай і абмежаваным ловам рыбы. Працуе паштовае аддзяленне. Сувязь са знешнім светам падтрымліваецца праз пабудаваны амерыканцамі аэрадром (сталых рэйсаў няма) і ваеннымі, рыбалоўнымі і экспедыцыйнымі суднамі, якія дастаўляюць тубыльцам харч і ўсё неабходнае для існавання.
Колькасць насельніцтва на атоле скарачаецца (з 41 чал. у 2005 г. да 24 чал. у 2010 г.). Развіццю мясцовай эканомікі замінаюць адсутнасць пітной вады (жыхары вымушаны назапашваць дажджавую вільгаць), праблемы з сувяззю і запаведны статус атола.
У 2010 г. з-за адсутнасці транспарту з харчам і вадой насельнікі Абарырынга апынуліся ў складанай сітуацыі. Дзякуючы брытанскаму яхтсмену пра гэта стала вядома амерыканскім ваенным, якія аказалі гуманітарную падтрымку.