Эстонская акадэмія мастацтваў
Эстонская акадэмія мастацтваў (эст.: Eesti Kunstiakadeemia, EKA) — адзіная вышэйшая навучальная ўстанова ў Эстоніі, якая рыхтуе спецыялістаў у галіне мастацтва, дызайну, архітэктуры, мастацтвазнаўства і рэстаўрацыі.
Эстонская акадэмія мастацтваў (ERKI, EKA, ЭАМ) | |
---|---|
Eesti Kunstiakadeemia | |
Арыгінальная назва | Eesti Kunstiakadeemia |
Заснаваны | 1914 |
Тып | акадэмія |
Рэктар | Март Калм |
Краіна | |
Размяшчэнне | Талін, Эстонія |
Юрыдычны адрас | 10412, Бульвар Пых’я 7 |
Сайт | www.artun.ee |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Паводле Статуту асноўнай мэтай дзейнасці Эстонскай акадэміі мастацтваў з’яўляецца садзейнічанне творчай і даследчай дзейнасці, прадастаўленне сучаснай вышэйшай адукацыі, якая грунтуецца на комплексным навучанні, творчай і даследчай дзейнасці і ў адпаведнасці са стандартам аб вышэйшай адукацыі ў вобласці выяўленчага мастацтва, дызайну, медыя, архітэктуры, мастацтвазнаўства, рэстаўрацыі і педагагічнай адукацыі.
Пасля акту эстонскага міністра адукацыі і даследаванняў № 145 ад 10 лютага 2007 года, Акадэмія была акрэдытавана як вышэйшая навучальная ўстанова міжнароднай экспертнай камісіяй.
Эстонская акадэмія мастацтваў падпісала каля 80 двухбаковых пагадненняў з універсітэтамі, якія ўдзельнічаюць у праграме ERASMUS, а таксама ўстановамі-партнёрамі, якія не ўдзельнічаюць у ERASMUS — у Швейцарыі, ЗША, Расіі, Аўстраліі. Акрамя таго Акадэмія супрацоўнічае з некалькімі прыватнымі ўніверсітэтамі ў краінах Еўрапейскага Саюза.
Гісторыя
правіцьЗаснаванне
правіцьГісторыя Эстонскай акадэміі мастацтваў пачынаецца ў 1914 годзе, калі Эстонскае таварыства мастацтваў заснавала Талінскае мастацка-прамысловае вучылішча (эст.: Tallinna Kunsttööstuskool).[1] Гэта была першая школа мастацтваў у Эстоніі. Заснавальнікі ўзялі за аснову праграмы, па якіх была заснавана школа барона Аляксандра фон Штыгліца ў Санкт-Пецярбургу. Гэта сістэма ставіла на першае месца тэхнічныя і прыкладныя навукі.
Перыяд незалежнасці
правіцьПасля Эстонскай вайны за незалежнасць у 1924 годзе Талінскае мастацка-прамысловае вучылішча стала Дзяржаўным мастацка-прамысловым вучылішчам[1], прапануючы адукацыю па ўсіх спецыяльнасцях прыкладнога мастацтва таго часу. Распачатая ў 1922 годзе рэформа сістэмы навучання, была завершана, ператварыўшыся ў еўрапейскую шматузроўневую школьную сістэму. У выніку стала магчымым атрымаць дыплом спецыяліста ці мастака (з 1934 года). У 1920-я гады былі адкрыты новыя рабочыя класы і факультэты (тыпаграфіка, скульптура, графіка, кераміка, апрацоўка металу, шліфоўка і гравіроўка шкла, ткацкая справа), якія зрабілі навучальную ўстанову больш універсальнай. Значая колькасць выкладчыкаў стажыравалася ў Еўропе. У 1938 годзе Дзяржаўная індустрыяльная школа мастацтваў была ператворана ў дзве незалежныя установы: Дзяржаўнае вучылішча выяўленчага і прыкладнога мастацтва і Дзяржаўнае вышэйшае мастацкае вучылішча.[2]
Савецкі перыяд
правіцьУ 1940 годзе, пасля далучэнні Эстоніі да СССР, школа была пераназвана ў Дзяржаўнае вучылішча прыкладнога мастацтва імя Яана Коарта. Падчас Другой сусветнай вайны школа была часта зачынена і навучання адбывалася эпізадычна.
У 1944 годзе школа была пераназвана ў Талінскі дзяржаўны інстытут дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ЭССР.[1] У 1951 годзе была зачынена школа мастацтваў у Тарту, і спецыяльнасці вытанчаных мастацтваў былі пераведзены ў сталіцу. Такім чынам, усе мастацкія навучальныя ўстановы засяродзіліся ў Таліне. Новай назвай школы стала Дзяржаўны мастацкі інстытут Эстонскай ССР. Навучанне набыло новыя асаблівасці, характэрныя для савецкага ўніверсітэта, маючы тры асноўных кірункі — грамадскія навукі, прадметы па агульнай тэорыі мастацтва і прадметы прыкладнога мастацтва.
У 1949 годзе з Талінскага політэхнічнага інстытута быў пераведзены факультэт архітэктуры, які ў 1966 годзе са з’яўленнем спецыяльнасцей архітэктуры інтэр'ераў і дызайну сфарміраваў новы кірунак дзейнасці інстытута. Пасля гэтага інстытут стаў адзінай установай у Эстоніі, што падае вышэйшую адукацыю ва ўсіх сферах мастацтва і архітэктуры. У 1959—1989 гадах рэктарам інстытута быў Яан Варэс, пад кіраўніцтвам якога інстытут стаў папулярнай навучальнай установай з ліберальнымі поглядамі і еўрапейскім узроўнем навучання, дзе на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў вучыліся студэнты розных нацыянальнасцей і дзе атрымалі сваю адукацыю некалькі пакаленняў эстонскіх мастакоў. Высокая рэпутацыя інстытута распаўсюджвалася таксама і на былыя сацыялістычныя краіны Усходняй Еўропы, адбываўся абмен студэнтамі і студэнцкімі групамі, студэнты і выкладчыцкі склад бралі ўдзел у міжнародных конкурсах і выстаўках, займаючы высокія месцы і атрымліваючы гучныя водгукі. Першапачатковы будынак стаў малым для інстытута, які хутка развіваўся, таму быў рэканструяваны ў па праекце архітэктара П. Тарваса (1-я чарга ў 1965—1967 гг., 2-я — 1974 год), таксама быў далучаны будынак архітэктуры інтэр’ера ў Старым горадзе, на вуліцы Суўр-Клоастры.
Пасля 1989 года
правіцьУ 1989 годзе інстытут быў пераназваны ў Талінскі мастацкі ўніверсітэт, што адзначыла пачатак новага перыяду ў гісторыі школы. Рэктарам быў выбраны адзін з самых вядомых гісторыкаў мастацтва Эстоніі — прафесар Яак Кангіласкі. У адпаведнасці са зменамі, якія адбываліся ў сістэме вышэйшай адукацыі дзяржавы, была распачата рэформа сістэмы навучання ва ўніверсітэце. Перыяд навучання быў скарочаны да чатырох з паловай гадоў. Сістэма курсу была захавана, але была ўведзена новая сістэма крэдытаў. Падчас змен былі прадстаўлены новыя ўзроўні адукацыі: бакалаўрыят, магістратура і дактарантура. У сярэдзіне 1990-х гадоў у школе ўзмацніўся эканамічны крызіс і агульны спад. У 1995 годзе Талінскі мастацкі ўніверсітэт быў пераназваны ў Эстонскую акадэмію мастацтваў, назва была сертыфікавана ў 1996 годзе. Істотна павялічыліся міжнародныя кантакты школы: студэнцкі і выкладчыцкі абмен, удзел у міжнародных адукацыйных праграмах, арганізацыя канферэнцый, семінараў і фестываляў. У 1997—2000 гадах былі пабудаваны новыя і сучасныя бібліятэкі. У 2002 годзе навучальныя праграмы Акадэміі былі абноўлены, зыходзячы з прынцыпаў Балонскай дэкларацыі, у адпаведнасці са стандартнай сістэмай вышэйшай адукацыі ў Еўрапейскі саюз. Першыя студэнты, якія навучаліся па абноўленай праграме, скончылі навучанне ў 2006 годзе. У 2005 годзе рэктарам Акадэміі быў абраны мастак па тэкстылі прафесар Сігнэ Ківі (міністр культуры Эстонскай Рэспублікі ў 1999—2001 гадах, член парламента ў 2002—2005 гадах). У 2018 годзе быў адкрыты новы будынак акадэміі.
Вядомыя выпускнікі
правіцьЗноскі
- ↑ а б в Rosenfeld, Alla (2001). Art of the Baltics. Rutgers University Press. p. 368. ISBN 0813530423.
- ↑ Raun, Toivo (2001). Estonia and the Estonians, Studies of nationalities. Hoover Press. p. 167. ISBN 0817928529.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Эстонская акадэмія мастацтваў
- Эстонская акадэмія мастацтваў