Сцябло́[1] — восевы вегетатыўны орган раслін, частка парастка.

Сцёблы плюшча чапляюцца за ствол (адраўнелае сцябло) бука
Папярочны зрэз ільнянога сцябла:
1. сэрцавіна,
2. протаксілема,
3. ксілема,
4. флаэма,
5. склерэнхіма,
6. перыдэрма,
7. эпідэрма

Сцябло нясе лісты, пупышкі, кветкі або суквецці, звязвае паміж сабой корань расліны і лісты. Яно выконвае апорную функцыю і праводзіць ваду і мінеральныя рэчывы ад каранёў да лістоў. Па сцябле ажыццяўляецца перамяшчэнне прадуктаў фотасінтэзу з лістоў да тых органаў, дзе яны назапашваюцца.

Складаецца з вузлоў і міжвузелляў. Маладое сцябло мае эпідэрму, першасную кару і цэнтральны цыліндр (стэлу); шматгадовае сцябло (напр. ствалы і галіны) мае другасную будову: кара, луб, камбій, драўніна з кольцамі гадавых прыростаў.

Сцёблы адрозніваюцца па папярочным сячэнні. Найбольш часта сустракаюцца расліны з круглаватым сцяблом. Напрыклад, сцябло злакаў з полымі міжвузеллямі называецца саломіна. Сцёблы могуць быць трохграннымі (асака), чатырохграннымі (мята, шалфей), пляскатымі (урэчнік), рабрыстымі (морква, кроп).

Сцёблы могуць па-рознаму размяшчацца ў прасторы. У большасці раслін сцёблы прамастаячыя. У іх добра развіта механічная тканка. Павойныя сцёблы здольны да кругавых вярчальных рухаў. Гэта дазваляе раслінам абвівацца вакол апоры (бярозка палявая). Лазячыя (або самазачэпныя) парасткі падтрымліваюць вертыкальнае становішча расліны пры дапамозе розных прыстасаванняў. Вінаград і чына чапляюцца за апору з дапамогай вусікаў. Плюшч чапляецца за дрэвы, сцены каранямі. Сцелістыя сцёблы размяшчаюцца гарызантальна на паверхні глебы. Яны характэрны для гарбуза, кавуна, агурка, дыні. Паўзучыя сцёблы ўтвараюць на вузлах прыдаткавыя карані і ўкараняюцца. Дзякуючы гэтаму расліны могуць хутка займаць вялікія тэрыторыі. Такія сцёблы характэрны для дуброўкі гусінай, суніц, блюшчыка плюшчападобнага.

Сцёблы бамбука

Рост сцябла ў даўжыню (верхавінкавы рост) адбываецца за кошт утваральнай тканкі конуса нарастання сцябла. Яго клеткі дзеляцца і растуць. За кошт гэтага парастак павялічваецца ў памерах. Адначасова з утварэннем сцябла на конусе нарастання закладваюцца зачаткі лістоў. У злакаў сцябло расце за кошт утваральнай тканкі, якая знаходзіцца ў вузлах. Дзякуючы дзяленню і росту клетак гэтай тканкі адначасова адбываецца падаўжэнне многіх міжвузелляў. Такі рост называецца ўставачным. Пры ўставачным росце сцябло расце хутчэй, чым пры верхавінкавым. Так, у бамбука сцёблы за суткі могуць вырастаць на 1 м.

Галінаванне сцябла

Сцёблы большасці відаў раслін галінуюцца. Галінаванне забяспечвае павелічэнне надземнай часткі расліны. У самым простым выпадку верхавіна галоўнай восі парастка здольна вільчаста раздвойвацца і ўтвараць два парасткі наступнага парадку. Такі тып галінавання называецца верхавінкавым. Гэта найбольш прымітыўны тып галінавання. У цяперашні час ён сустракаецца толькі ў невялікай колькасці раслін. Для большасці вышэйшых раслін характэрна бакавое галінаванне. Пры гэтым бакавыя парасткі развіваюцца з бакавых пупышак. Рост расліны ў вышыню адбываецца за кошт развіцця верхавінкавай пупышкі, а рост у шырыню — дзякуючы развіццю бакавых пупышак.

Сцёблы розных відаў раслін маюць шэраг агульных рыс арганізацыі. У дрэвавых раслін у сцябле выдзяляюць кару, драўніну і стрыжань. Утварэнне драўніны, лубу і рост сцябла ў таўшчыню адбываецца дзякуючы дзейнасці камбію. Камбій адкладвае к вонкаваму боку сцябла луб, а ўнутр — драўніну. У выніку нераўнамернай дзейнасці камбію ўзнікаюць гадавыя кольцы — прырост драўніны на працягу аднаго вегетацыйнага перыяду. Па колькасці гадавых кольцаў можна вызначыць узрост расліны, а па іх шырыні — кліматычныя ўмовы і напрамкі свету.

Крыніцы

правіць

Літаратура

правіць