Лозі
Лозі, таксама баротсэ (саманазвы Balozi, Barotse, Barozi, Barutse) — паўднёваафрыканскі народ. Насяляюць пераважна захад Замбіі. Таксама жывуць у Зімбабвэ, Намібіі, Анголе, Батсване, ПАР. Агульная колькасць (2017 г.) — 1 340 100 чал.[1]
Лозі (Balozi, Barotse, Barozi, Barutse) | |
Куамбока
| |
Агульная колькасць | 1 340 100 (2017 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Замбія — 1 089 000 Зімбабвэ — 192 000 Батсвана — 17 000 Намібія — 35 000 Ангола — 7 100 |
Мова | лозі |
Рэлігія | монатэізм, анімізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | тсвана, педы, макуа, басута |
Паходжанне
правіцьНекаторыя лозі лічаць сябе прамымі нашчадкамі першапасяленцаў банту, што з’явіліся ў верхняй плыні ракі Замбезі ў перыяд сярэднявечча. Аднак большасць даследчыкаў лічыць іх больш познімі заваёўнікамі гэтага рэгіёна. У канцы XIX ст. еўрапейцы нават паведамлялі пра рэшткі тубыльцаў, што да той пары яшчэ не былі асіміляваны з боку лозі[2]. На гэта таксама паказвае першасная назва продкаў лозі — люі, якая перакладаецца як «прыхадні» або «іншаземцы».
Высоўваюцца гіпотэзы, што люі паходзілі з Вялікага Зімбабвэ і былі сваякамі шона[3] або з’яўляліся выхадцамі з дзяржаў Луба і Лунда. Сучасныя лозі падзяляюцца на шмат груп, якія адрозніваюць сябе па паходжанню. Люі лічацца продкамі толькі некаторых з іх. Астатнія маюць свае міфы пра паходжанне і вылучаюць сябе як нашчадкаў народаў (мясцовых і прышлых), асіміляваных з боку люі.
Паводле міфаў, запісаных у канцы XIX ст., да з’яўлення ў сучасным рэгіёне, населеным лозі, люі кіраваліся жанчынамі-правадырамі, што паходзілі або нават уступалі ў шлюб з богам Ньямба, стваральнікам сусвету. Першым мужчынам-кіраўніком стаў Мванасалундві Муюнда Мумба ва Мулонга[4]. Ад яго паходзіла дынастыя манархаў-літунга дзяржавы люі, якая ўзнікла меркавана ў 1606 г.[5]
У 1838 г. дзяржава люі была захоплена калола, якія паходзілі ад басута[6]. Яны далі назву мясцовым жыхарам як арозві («рачныя людзі»). Гэтая назва пазней трансфармавалася ў лозі і баротсэ.
Гісторыя
правіцьУ 1830 г. дзяржава люі распалася пасля смерці дзясятага літунга Муламбвы. У 1838—1845 гг. яна была заваявана вандроўнай ваяўнічай групай басута-калола на чале з правадыром Себітванэ[7]. Хаця заваёўнікі адбіралі ў мясцовага насельніцтва свойскую жывёлу і карысталіся сваёй мовай, яны знайшлі падтрымку часткі арыстакратыі люі, паколькі спрыялі цэнтралізацыі разрозненай дзяржавы і знялі пагрозу заваявання з боку больш небяспечных ндэбеле. Себітванэ наблізіў да сябе нашчадкаў літунга, многія правадыры люі захавалі сваю ўладу[8]. Нешматлікая апазіцыя правадыроў-люі знайшла прытулак у багністай мясцовасці на поўначы краіны лозі. Пасля 1851 г. яны набылі фактычную незалежнасць. У 1864 г. правадыр Сепопа арганізаваў паўстанне супраць нашчадкаў Себітванэ і аднавіў дзяржаву лозі.
Пагроза з боку ндэбеле вымушала манархаў лозі шукаць падтрымкі еўрапейцаў. У 1890 г. і 1900 г. яны заключылі пагадненні з Вялікабрытаніяй, якія ўсталёўвалі суверэнітэт над дзяржавай лозі, але гарантавалі ёй аўтаномію. У 1964 г. у выніку дагавору яна была далучана да незалежнай Замбіі. У 1972—1989 гг. на тэрыторыі сучаснай Намібіі быў створаны аўтаномны бантустан лозі Усходняе Капрыві.
У выніку росту нацыяналізму ў другой палове XX ст. прадстаўнікі лозі высунулі пытанне пра выхад са складу Замбіі, паколькі дагавор 1964 г. не выконваецца з боку цэнтральнага ўрада. Акрамя таго, існуюць тэрытарыяльныя патрабаванні да суседніх дзяржаў. У 2011 г. выступленні лозі за незалежнасць вымусілі прэм’ер-міністра Замбіі сустрэцца з літунга[9].
Культура
правіцьЛозі насяляюць кампактную, але экалагічна разнастайную тэрыторыю, што абумоўлівае ўнутраную розніцу гаспадаркі. У абалоне ракі Замбезі займаюцца жывёлагадоўляй. Калі абалона затапляецца, статкі кароў пераганяюць на раўніны. Здаўна існавала ручное земляробства[10]. Вырошчваюць проса, клубневыя, кукурузу, рыс, арахіс і г. д. Земляробства лічыцца жаночай справай. Жанчыны таксама ловяць рыбу, збіраюць ядомыя расліны. Мужчыны даглядаюць за свойскай жывёлай, палююць, гандлююць, здабываюць драўніну, карысныя выкапні. З канца XIX ст. лозі актыўна ўцягнуты ў грашовыя адносіны. У нашы дні многія мужчыны займаюцца адыходніцтвам, працуюць у гарадах, на руднях, у іншых краінах.
Традыцыйны від паселішча — вёска. Вёскі лозі звычайна кампактныя, акружаныя кветнікам або плеценай сцяной. Жыхары абалоны Замбезі будуюць паселішчы на штучных насыпах, рыюць каналы і вадасцёкі, дзякуючы гэтаму культурны ландшафт Баротсэ адрозніваецца своеасаблівасцю і ўнесены ў папярэдні спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА[11]. Значная частка насельніцтва абалоны перасяляецца ў суседнія вёскі[12]. Сезонныя міграцыі суправаджаюцца святам куамбока[13]. Традыцыйныя хаціны маюць каркасную структуру. Круглявыя сцены часцяком абмазваюць глінай, дах крыюць саломай.
Галоўная грамадская адзінка — малая нуклеарная сям'я, што фарміруе адзіную гаспадарку[14]. Жаніх плаціць выкуп за нявесту. У мінулым маладая сям’я сялілася ў вёсцы жонкі. У нашы дні шлюбы маюць патрылакальны характар. Распаўсюджана палігінія, прычым кожная жонка разам са сваімі дзецьмі жыве ў асобнай хаціне.
У XIX ст. сацыяльная структура дзяржавы лозі была дастаткова складанай. Манарх літунга кіраваў 25 аб’яднаннямі, якія мелі асобнае паходжанне, займалі пэўную тэрыторыю, але не мелі свайго кіравання. Высакароднымі лічыліся блізкія сваякі манарха лінабі. Большасць свабоднага насельніцтва была аб’яднана ў нетэрытарыяльныя супольнасці на чале з правадырамі. Вялікая ўлада была сканцэнтравана ў руках чыноўніка нгамбела. Звычайна ён паходзіў з простых абшчыннікаў. Ніжэйшы пласт насельніцтва складалі прыгонныя і рабы. Прыгон і рабства былі адменены ў 1906 г.[15] Пасля 1964 г. урад Замбіі стымуляваў пераход судовай і адміністрацыйнай улады да агульнадзяржаўных органаў. Аднак фармальная ўлада літунга захоўваецца. Традыцыйныя суды ўздзейнічаюць на абшчыннікаў праз кантроль над свойскай жывёлай і абшчыннай зямлёй.
Народныя святы лозі прымеркаваны да прыроднага цыкла змены пор года і затаплення абалоны Замбезі. Фальклор адметны шматлікімі казкамі, гістарычнымі паданнямі і песнямі. Пры двары літунга захоўваецца аркестр, што выконвае музыку на традыцыйных інструментах. Падчас свята куамбока манарх выконвае спецыяльны рытуальны танец.
Мова
правіцьМова лозі адносіцца да паўднёвай групы моў банту. Першыя запісы на ёй з’явіліся ў XIX ст. Граматыка і алфавіт на аснове лацінкі былі стандартызаваны ў 1977 г. у Замбіі[16]. У Замбіі і Намібіі выкарыстоўваецца як афіцыйная рэгіянальная мова.
Рэлігія
правіцьТрадыцыйная рэлігія лозі вызнае толькі аднаго бога Муліму Ньямба, які лічыцца стваральнікам земляў, населеных лозі. Продак людзей Камуну спярша жыў як звер у лесе, але дзякуючы дапытлівасці пераймаў навыкі Ньямба і нават служыў яму. Ньямба быў расчараваны паводзінамі Камуну і збег ад яго па павуцінню на неба. Мвамбва, жонка Ньямба, дала пачатак роду літунга[17]. Лозі таксама вераць у шматлікіх духаў і магію. З канца XIX ст. шырока распаўсюджана хрысціянства.
Зноскі
правіць- ↑ Lozi
- ↑ In the beginning: the early Luyis Архівавана 19 лютага 2018.
- ↑ Theories about the History of the LOZI Архівавана 15 чэрвеня 2018.
- ↑ LOZI (BAROTSELAND) BRIEF HISTORY
- ↑ Lozi Kingdom Архівавана 16 снежня 2017.
- ↑ Kenneth Powers Vickery, Black and White in Southern Zambia: The Tonga Plateau Economy and British Imperialism, 1890—1939. P. 14
- ↑ The Kololo under Sebetwane
- ↑ Lozi Kingdom and the Kololo
- ↑ Lozi (Barotse) Nationalism in Western Zambia
- ↑ Lozi — Economy
- ↑ The Barotse Cultural Landscape
- ↑ Lozi — Settlements
- ↑ WATER-ZAMBIA: Lozi Make Annual Migration to Higher Ground
- ↑ Lozi — Kinship, Marriage, and Family
- ↑ Lozi — Sociopolitical Organization
- ↑ Lozi (siLozi)
- ↑ Historical Religious Practices of the Lozi(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 кастрычніка 2020. Праверана 13 снежня 2017.