Аднагадовая травяністая расліна вышынёю 1—1,5 м. Корань стрыжнёвы, разгалінаваны, пранікае ў глебу на глыбіню 80—150 см. Лісце без вусікаў. Кветкі белыя ці ружаватыя, сабраныя ў гронкі. Плод — шматнасенны струк.
Бывае боб агародны і кармавы. Кармавы боб мае дробнае насенне і развітую вегетатыўную масу. Агародны боб буйнаплодны і буйнанасенны з тоўстымі мясістымі створкамі. Сцябло прамое, не палягае, разгалінаванае каля асновы, голае, чатырохграннае або круглае, вышынёй ад 20 да 180 см і больш. Лісце складанае, заканчваецца вастрыём. Кветкі ў кароткіх гронках, белыя з чорнай плямай і без плямы, пахучыя. Плады — струкі даўжынёй ад 4 да 30 см, змяшчаюць па 3—4 бабіны, сядзяць па 1—4 у лісцевым вузле. Створкі пладоў у маладым узросце зялёныя, мясістыя, у спелым цёмна-бурыя, скурыстыя, голыя або аксаміцістыя, мяккія. Агародны боб мае ў сабе 23—25 % бялку, да 36 % крухмалу, 2 % цукру, 4 % пекцінавых рэчываў, вітаміны А, С, групы В і інш. Цукровыя сарты агароднага бобу з унутранага боку не маюць пергаментнага слоя; у сартоў, якія вырошчваюцца для атрымання недаспелага зерня, ён ёсць.
Па колькасці бялку і каларыйнасці боб пераўзыходзіць многія агародныя расліны. Малады боб спажываюць вараным, у супах і баршчах.
Вараны ў струках боб дапамагае пры лячэнні дызентэрыі і іншых кішачных хвароб, з’яўляецца добрым сродкам ад млоснасці, пры кашлі. Муку з бобу выкарыстоўваюць пры запаленчых працэсах, сумесь мукі з мёдам прыкладаюць да нарываў[4].
Боб — холадаўстойлівая, патрабавальная да вільгаці расліна. Расце добра на цяжкіх гліністых глебах, добра ўгноеных, дрэнна на пясчаных і забалочаных участках, кіслыя глебы пад яго непрыдатныя. Лепшыя папярэднікі: бульба, кукуруза, буракі, агуркі.
Высяваюць боб у канцы вясны. Сеюць радамі з міжрадкоўямі 50—60 см з адлегласцю 12—15 см на глыбіню 6—8 см. Часта боб сеюць у радах бульбы або агуркоў, што добра ўплывае на іх ураджайнасць. Да з’яўлення ўсходаў глебу рыхляць граблямі, потым праводзяць міжрадковую апрацоўку, акучваюць, калі расліны дасягнуць вышыні 50—60 см. У час цвіцення і плоданашэння боб трэба добра паліваць. Збіраюць боб у залежнасці ад прызначэння: калі яго спажываюць у ежу цалкам (струкамі), струкі зрываюць, пакуль створкі сакавітыя, а даўжыня зерня не больш 1 см; калі зерне выкарыстоўваецца сырым, боб збіраюць, пакуль насенне ў фазе малочнай спеласці дасягне поўнага для гэтага сорту памеру.
Тэхналогія вырошчвання кармавога бобу такая самая, як агароднага.