Самсунг Электронікс
Тып | таварыства з абмежаванай адказнасьцю |
---|---|
Лістынг на біржы | КБ: 005930 |
Заснаваная | 13 студзеня 1969 (55 гадоў таму) |
Заснавальнікі | Бёнчхоль Лі |
Уласьнікі | скарбовая акцыя[d][1], National Pension Service[d], Samsung Life Insurance[d], Samsung C&T Corporation[d] і Лі Гон Хі[d] |
Краіна | |
Разьмяшчэньне | Сувон (вобласьць Кёнгі, Паўднёвая Карэя) |
Ключавыя фігуры | Охьюн Квон, Джэён Лі[2] |
Галіна | прамысловасьць |
Прадукцыя | дысплэй, кампутар, мабільны тэлефон, манітор, паўправаднік, тэлевізар, халадзільнік |
Абарачэньне | 201,867 трлн паўднёвакарэйскіх вонаў (2016 г.; $174,048 млрд) |
Апэрацыйны прыбытак | 29,241 трлн вонаў (2016 г.; $25,211 млрд) |
Чысты прыбытак | 22,726 трлн вонаў (2016 г.; $19,594 млрд)[3] |
Лік супрацоўнікаў | 308 745 (2016 г.) |
Матчына кампанія | Холдынг «Самсунг» |
Даччыныя кампаніі | «Дысплэі Самсунг», «Самсунг Электронікс Амэрыка» |
Аўдытар | «Прайс-Ўотэр-Купэры» (Ангельшчына) |
«Самсунг Электронікс» (анг. Samsung Electronics; кар. 삼성전자, трансьліт. Самсон чонджа) — прамысловае прадпрыемства Паўднёвай Карэі, заснаванае ў студзені 1969 году ў Сувоне (вобласьць Кёнгі) пад назовам «Электронная прамысловасьць Самсунг». Разьмясьціла свае акцыі на Карэйскай біржы (Пусан, Ёнамская вобласьць) 11 чэрвеня 1975 году[3].
На 2016 г. прадпрыемства наймала звыш 308 000 супрацоўнікаў у 79 краінах.
Будова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2017 г. ТАА «Самсунг Электронікс» мела 169 даччыных прадпрыемстваў: 20 у Паўднёвай Карэі, 50 у астатняй Азіі (зь іх 29 у Кітаі), 38 у Эўропе, 37 у Паўночнай Амэрыцы, па 7 у Афрыцы і Паўднёвай Амэрыцы, 2 у Акіяніі. У 2016 г. найбольшымі паводле продажаў даччынымі прадпрыемствамі былі: 1) «Самсунг Электронікс Амэрыка» (Рыджфілд-Парк, штат Нью-Джэрзі, ЗША) — 34,522 трлн паўднёвакарэйскіх вонаў ($29,764 млрд; 17,1% продажаў); 2) «Дысплэі Самсунг» (Асан, Паўднёва-Чхунхонская вобласьць, Паўднёвая Карэя) — 24,659 трлн вонаў ($21,261 млрд; 12,2%); 3) «Самсунг Электронікс Віетнам, Тхайнгуен» — 23,564 трлн вонаў ($20,317 млрд; 11,7%); 4) «Шанхайскія паўправаднікі Самсунг» (Кітай) — 20,983 трлн вонаў ($18,092 млрд; 10,4%); 5) «Паўправаднікі Самсунг» (Сан-Хасэ, штат Каліфорнія, ЗША) — 19,911 трлн вонаў ($17,167 млрд; 9,9%). Холдынг улучаў 3 падразьдзяленьні:
- спажывецкай электронікі — лічбавыя тэлевізары, маніторы, кандыцыянэры паветра і халадзільнікі;
- інфармацыйных тэхналёгіяў і мабільнай сувязі — мабільныя тэлефоны, сыстэмы сувязі і кампутары;
- прыладных рашэньняў — паўправаднікі і дысплэі[3].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У студзені 1969 г. холдынг «Самсунг» (бел. Тры зоркі) заснаваў ТАА «Электронная прамысловасьць Самсунг» у Сувоне (вобласьць Кёнгі, Паўднёвая Карэя) для вытворчасьці тэлевізараў, калькулятараў, халадзільнікаў, кандыцыянэраў паветра і пральных машынаў. Да 1981 г. прадпрыемства вырабіла звыш 10 млн чорна-белых тэлевізараў. У лютым 1983 г. заснавальнік Бёнчхоль Лі абвясьціў пра распрацоўку дынамічнай памяці з адвольным доступам (ДПАД; анг. DRAM). 28 лютага 1984 г. агульны сход акцыянэраў зьмяніў назву прадпрыемства на «Самсунг Электронікс»[4], да якога далучылі «Паўправаднікі і сувязь Самсунг». У той самы год выпусьцілі першы ў Паўднёвай Карэі мабільны тэлефон, які да 1990 г. заняў 10 % рынку ў дзяржаве.
У 1992 г. прадпрыемства выпусьціла першую ў сьвеце ДПАП (DRAM) магутнасьцю 64 мэгабіт. У 1994 г. — ДПАП магутнасьцю 256 мэгабіт. У 1996 г. — магутнасьцю 1 гігабіт. У лютым 1998 г. «Самсунг Электронікс» выступіла адным з 10-і галоўных спонсараў зімовых Алімпійскіх гульняў у Нагана (Японія). У 2004 г. распрацавалі першы ў сьвеце чып магутнасьцю 8 гігабіт зь лёгікай альтэрнатыўнай адмовы. У 2005 г. «Самсунг Электронікс» заключыў дамову на пастаўку мікрасхемаў для «Эпл» (Купэртына, штат Каліфорнія, ЗША), якія сталі выкарыстоўвацца для смартфонаў iPhone. У 2007 г. прадпрыемства стала 2-м найбольшым у сьвеце вытворцам мабільных тэлефонаў. У 2009 г. абарачэньне склала $177,4 млрд, у выніку чаго «Самсунг Электронікс» стала найбольшым у сьвеце тэхналягічным прадпрыемствам. У 2009 і 2010 гадах ЗША і Эўрапейскі Зьвяз наклалі на прадпрыемства спагнаньне за змову зь іншымі вытворцамі ў 1999 і 2002 гадах ва ўстанаўленьні цэнаў на мікрасхемы. У 2011 г. вытворчасьць цьвёрдых дыскаў прадалі «Сігейт Тэхналёгія» (Купэртына, штат Каліфорнія, ЗША).
На 31 сьнежня 2016 г. сродкі ТАА «Самсунг Электронікс» склалі 262,174 трлн паўднёвакарэйскіх вонаў ($226,045 млрд), зь якіх маёмасьць (заводы і абсталяваньне) — 91,473 трлн вонаў ($78,867 млрд; 34,9%). Абаротныя сродкі налічвалі 141,43 трлн вонаў ($121,94 млрд; 53,9%): кароткачасовыя фінансавыя дамовы (да году) — 52,432 трлн вонаў ($45,207 млрд; 37,1% ад абаротных сродкаў); наяўныя грошы — 32,111 трлн вонаў ($27,686 млрд; 22,7%); дэбіторская запазычанасьць — 24,279 трлн вонаў ($20,933 млрд; 17,2%); таварныя запасы — 18,354 трлн вона ($15,824 млрд; 13%). Абавязкі прадпрыемства склалі 69,211 трлн вонаў ($59,673 млрд; 26,4% ад сродкаў), зь якіх адтэрмінаваны падатак на даход — 7,294 трлн вонаў ($6,288 млрд; 10,5% абавязкаў). Бягучыя абавязкі (да году) налічвалі 54,704 трлн вонаў ($47,165 млрд; 79% усіх абавязкаў): кароткачасовыя пазыкі — 12,747 трлн вонаў ($10,99 млрд; 23,3% бягучых абавязкаў), налічаныя выдаткі — 12,527 трлн вонаў ($10,801 млрд; 22,9%). Уласны капітал склаў 192,963 трлн вонаў ($166,371 млрд; 73,6% сродкаў)[3].
На 30 чэрвеня 2017 г. ТАА «Самсунг Электронікс» разьмясьціла на біржы 149 312 074 акцыі, зь іх 87,5% (130 668 494) звычайных і 12,5% (18 643 580) прывілеяваных. Разам з тым прадпрыемства выкупіла на біржы 7,6% (11 405 189) сваіх акцыяў: 7,4% (9 630 443) звычайных і 9,5% (1 774 746) прывілеяваных. За мяжой у выглядзе глябальных дэпазытарных расьпісак (ГДР) звычайнымі акцыямі гандлявалі на Лёнданскай фондавай біржы (Ангельшчына), прывілеяванымі — на Люксэмбурскай біржы[5]. Звычайныя акцыі належалі: замежным укладнікам — 54 %, зьвязаным бакам (супрацоўнікам і прадпрыемствам) — 20%, староньнім юрыдычным асобам Паўднёвай Карэі — 16%, самому ТАА «Самсунг Электронікс» праз выкуп — 7 %, староньнім фізычным асобам Паўднёвай Карэі — 3%. Найбольшымі ўласьнікамі звычайных акцыяў былі: Народная пэнсійная служба Рэспублікі Карэя (Сэул) — 9,65%; ТАА «Страхаваньне жыцьця Самсунг» — 8,48%; амэрыканская кампанія «Капітал-Група» (Лос-Анджэлес, штат Каліфорнія) — 5,24%; будаўніча-гандлёвая карпарацыя «Самсунг» — 4,57%; Гонхі Лі — 3,82%; «Страхаваньне ад пажару і на моры Самсунг» — 1,42%. Прывілеяванымі акцыямі валодалі: замежныя ўкладнікі — 82%, само прадпрыемства — 10%, юрыдычныя асобы Паўднёвай Карэі — 6%, фізычныя асобы Паўднёвай Карэі — 3%[6].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ http://www.samsung.com/us/aboutsamsung/investor_relations/stock_info/ownership_structure.html
- ^ Рада кіраўнікоў (кар.) // ТАА «Самсунг Электронікса», 2017 г. Архіўная копія ад 2017 г. Праверана 1 верасьня 2017 г.
- ^ а б в г Агульная фінансавая справаздача ТАА «Самсунг Электронікс» і яго даччыных прадпрыемстваў за 2016 год (кар.) // ТАА «Самсунг Электронікс», 27 лютага 2017 г. Архіўная копія ад 27 лютага 2017 г. Праверана 1 верасьня 2017 г.
- ^ Частыя пытаньні (кар.) // ТАА «Самсунг Электронікс», 2017 г. Архіўная копія ад 2017 г. Праверана 1 верасьня 2017 г.
- ^ Зьвесткі пра разьмяшчэньне акцыяў (кар.) // ТАА «Самсунг Электронікс», 30 чэрвеня 2017 г. Архіўная копія ад 30 чэрвеня 2017 г. Праверана 1 верасьня 2017 г.
- ^ Склад уласьнікаў (кар.) // ТАА «Самсунг Электронікс», 2017 г. Архіўная копія ад 2017 г. Праверана 1 верасьня 2017 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Старонка для Беларусі на Фэйсбуку
- «Дысплэі Самсунг» (кар.)
- Навіны (кар.)