Міталёгія
Міталё́гія (па-грэцку: Μυθολογία ад грэцкага міт — «казка») — сукупнасьць пераказаў, апавяданьняў, дзе ў наіўна пэрсаніфікаванай, навочна-вобразнай, несьвядома мастацкай форме падаваліся зьявы прыроды і грамадзкага жыцьця. Самае галоўнае адрозьненьне міту ад казкі заключаецца ў тым, што міт не паказвае розьніцу паміж дабром і злом.
На раньняй стадыі чалавечай гісторыі ў мітах мудрагеліста спалучаліся элемэнты рэалістычных ведаў аб рэчаіснасьці, мастацкія вобразы, маральныя загады і нормы, рэлігійныя ўяўленьні. Найбольш распаўсюджанымі былі паданьні пра ўзьнікненьне і эвалюцыю сьвету, Сонца, Месяца, зорак і іншых (касмагонія), пра паходжаньне жывёлаў, зьяўленьне чалавека (антрапагонія), пра сусьветны патоп і г. д.
Сукупнасьць мітаў складае аснову міталягічнага сьветапогляду, якая ўласьціва першабытным народам. На зьмену міталягічнаму сьветапогляду з часам прыходзіць рэлігійны, філязофскі і навуковы.
Віды мітаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Касмаганічныя і антрапаганічныя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Касмаганічнымі мітамі зьяўляюцца міты аб стварэньні, міты пра паходжаньне космасу з хаосу, асноўны пачатковы сюжэт большасьці міталёгіяў. Пачынаюцца з апісаньня пустэчы, адсутнасьці парадку ў сусьвеце, узаемадзеяньня спрадвечных стыхіяў. Служаць для тлумачэньня паходжаньня сьвету і жыцьця на Зямлі.
Адным з пашыраных сюжэтаў касмаганічных мітаў зьяўляецца нараджэньне сьвету з сусьветнага яйка. Такія міты сустракаюцца ў многіх народаў на розных кантынэнтах. Сусьветнае яйка зьяўляецца ўнівэрсальным сымбалем паходжаньня жыцьця[1].
Нярэдка ролю творцы ў касмаганічных мітах належыць жывёлам. Аўстралійскія абарыгены, таксама як паўночнаамэрыканскія індзейцы гуроны лічылі, што менавіта чарапаха стварыла Зямлю і трымае яе на сабе. Паводле паданьняў індзейцаў таксама ў стварэньні Зямлі дапамагала чарапасе жаба, якая дастала Зямлю з дна і паклала па краях панцыра чарапахі, пасьля чаго Зямля павялічылася ў памеры, гэтак зьявілася суша.
Эсхаталягічныя і каляндарныя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Эсхаталягічныя міты ёсьць мітамі пра канец сьвету, яны існуюць побач з касмаганічнымі мітамі і зьвязаныя з супрацьстаяньнем сілаў хаосу і космасу. Адной разнавіднасьцю такіх мітаў зьяўляецца міт пра меркаваны час канца сьвету ў будучыні, напрыклад германскі міт пра Рагнарок. Іншымі мітамі такога тыпу зьяўляюцца міты пра падобныя падзеі, якія, аднак, ужо адбываліся ў мінулым, і паміж мітычным і сучасным сьветам маюцца пэрыяды катастрофаў. У розных мітах прычынай зьнішчэньня сьвету можа быць сусьветны патоп, сусьветны пажар, зьнішчэньне папярэдніх пакаленьняў, гібель багоў і іншыя сюжэты.
Каляндарнымі мітамі ёсьць міталягізацыя зьменаў часавых цыклаў — дня і ночы, зімы і лета, гэтак да касьмічных цыклаў[2]. Яны зьвязаны з астранамічнымі назіраньнямі, астралёгіяй, сьвяткаваньнем Новага году, сьвятамі ўраджаю і іншых каляндарных падзеяў.
У эгіпецкай міталёгіі Тот зьяўляецца уладаром часу. Зьяўляючыся богам Месяца, Тот празь ейныя фазы быў зьвязаны зь любымі астранамічнымі або астралягічнымі назіраньнямі. Акрамя таго, яму прыпісвалі вынаходніцтва году, які складаецца з 365, а ня 360 дзён. Згодна з Плютархам, ён атрымаў 5 дадатковых дзён, якія складалі 1/72 году, у гульні ў косьці, і, дадаўшы іх у канец году, зрабіў іх сьвятамі ў гонар Асырыса, Сэта, Хоруру, Ісыды і Нэфтыс — багоў, якія нарадзіліся менавіта ў гэтыя 5 дадатковых дзён. Позні варыянт гэтага міта апавядае пра тое, што багіні Нут было забаронена нараджаць у 360 каляндарных дзён, таму ейныя дзеці зьявіліся на сьвет цягам 5 дзён, якія атрымаў Тот.
Гераічныя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гераічнымі мітамі зьяўляюцца міты пра герояў, якія могуць быць ці дзецьмі багоў ад сьмяротным жанчынаў, як у старажытнагрэцкай міталёгіі, або проста легендарныя фігуры эпасу. Тыповым сюжэтам гераічнага міту зьяўляецца незвычайнае дзяцінства героя (якія-небудзь асаблівыя здольнасьці, сіроцтва, асаблівы лёс), частае выгнаньне, подзьвігі, перамога над пачварамі, выратаваньне выдатнай дзяўчыны, вяртаньне і вясельле.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Сонца ў эпічных жанрах вуснапаэтычнай творчасці. Камунікат
- ^ Каляндарныя міты. Міталягічны слоўнік
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Міталёгія — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў