Леў Гумілёў
Леў Гумілёў | |
па-расейску: Лев Николаевич Гумилёв | |
Дата нараджэньня | 1 кастрычніка 1912[1][2] |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 15 чэрвеня 1992[2][3][4] (79 гадоў) або 1992[5] |
Месца сьмерці | |
Вучні | Gelian Prokhorov[d] |
Леў Мікала́евіч Гумілёў (па-расейску: Лев Никола́евич Гумилёв; 1 кастрычніка 1912 — 1992) — расейскі гісторык-этноляг, доктар гістарычных і геаграфічных навук, філёзаф, заснавальнік пасіянарнай тэорыі этнагенэзу, паэт, перакладчык з фарсі.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў Царскім Сяле 1 кастрычніка 1912. Сын паэтаў Мікалая Гумілёва і Ганны Ахматавай. Дзіцём яго выхоўвала бабуля ў маёнтку Сьлепнева Бежацкага павету Цьвярской губэрніі.
З 1917 да 1929 жыў у Бежацку. З 1930 у Ленінградзе. У 1930—1934 працаваў у экспэдыцыях у Саянах, на Паміры і ў Крыме. З 1934 вучыцца на гістарычным факультэце Ленінградзкага ўнівэрсытэту. У 1935 выключаны з унівэрсытэту і арыштаваны, але празь некаторы час вызваліўся. У 1937 адноўлены ў ЛДУ.
У пачатку 1938 арыштаваны, быўшы студэнтам ЛДУ, і асуджаны на пяць гадоў. Тэрмін адбываў у Нарыльлагу, працуючы тэхнікам-геолягам у медна-нікелевай шахце, пасьля адбыцьця тэрміну пакінуты ў Нарыльску без правоў на выезд. Увосень 1944 па сваім жаданьні пайшоў у Савецкую армію, ваяваў шэрагоўцам у штрафбаце на Першым Беларускім фронце, скончыўшы вайну ў Бэрліне.
У 1945 дэмабілізаваны, адноўлены ў ЛДУ, які скончыў у пач. 1946 і паступіў у асьпірантуру Ленінградзкага аддзяленьня Інстытуту ўсходазнаўства АН СССР, адкуль быў выключаны з абгрунтаваньнем «з-за неадпаведнасьці філялягічнай падрыхтоўкі абранай спэцыяльнасьці».
28 сьнежня 1948 абараніў у ЛДУ дысэртацыю кандыдата гістарычных навук, прыняты навуковым супрацоўнікам у Музэй этнаграфіі народаў СССР.
7 лістапада 1949 арыштаваны, асуджаны на 10 гадоў, якія адбываў спачатку ў лягеры асаблівага прызначэньня ў Чурбай-Нура каля Караганды, пасьля ў лягеры ў Міжрэчанску ў Кемераўскай вобласьці, у Саянах. У 1956 рэабілітаваны з-за адсутнасьці факта злачынства.
З 1956 працаваў бібліятэкарам у Эрмітажы, абараніў доктарскую дысэртацыю («Старажытныя цюркі»). Да выхаду на пэнсію ў 1986 працаваў у Навукова-дасьледчым інстытуце геаграфіі пры Ленінградзкім дзяржаўным унівэрсытэце.
Памёр 15 чэрвеня 1992 у Санкт-Пецярбургу.
У жніўні 2005 у Казані «у сувязі зь днямі Санкт-Пецярбурга і сьвяткаваньнем тысячагодзьдзя гораду Казань» Льву Гумілёву быў пастаўлены помнік.
Гумілёў і гістарычная навука
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Леў Гумілёў прапанаваў комплекс арыгінальных мэтадаў вывучэньня этнагенэзу, якія заключаюцца ў паралельным вывучэньні гістарычных зьвестак аб клімаце, геалёгіі і геаграфіі адпаведнага ляндшафту і археалягічных і культурных крыніцаў. Выкарыстоўваючы гэтыя мэтады, нароўні з традыцыйнымі, ён дасьледаваў гісторыю шматлікіх народаў Эўразіі. Акрамя гэтага, ён прапанаваў арыгінальную пасіянарную тэорыю этнагенэзу, з дапамогай якой спрабаваў патлумачыць заканамернасьці гістарычнага працэсу.
Непасрэдна ў дасьледаваньнях Л.Гумілёву таксама належыць мноства цікавых ідэй. Напрыклад, маштабы монгольска-татарскага іга ён лічыць вельмі завышанымі. На яго думку, для руска-мангольскіх дачыненьняў быў характэрны, хутчэй, сымбіёз, а сур’ёзныя сутыкненьні былі зьвязаныя, у асноўным, з ардынскімі мусульманамі, больш радыкальнымі, чым астатнія манголы. Кітай у яго паўстае не мірным асяродзьдзем цывілізацыі, што змагаецца з захопнікамі, а злым агрэсарам. Тое самае ён кажа пра Эўропу: крытыка эўропацэнтрызму займае ў яго працах важнае месца. Старажытных русінаў (да XIV ст.) і сучасных расейцаў ён лічыць рознымі этнасамі. Падобная ідэя сустракалася ў многіх вучоных (напрыклад, у С. М. Салаўёва), але ў Гумілёва яна аформленая найбольш дасканала.
Працы Гумілёва, найперш, тыя, дзе разьвівалася пасіянарная тэорыя этнагенэзу, не былі падтрыманыя гістарычнай навукай СССР і выклікалі крытычныя заўвагі шэрагу гісторыкаў (уключаючы: Я. С. Лур’е, А. П. Навасельцаў і інш.), якія абвінавачвалі іх у адвольным маніпуляваньні фактамі, нават у прыдумваньня фактаў, у парушэньні падмурку навуковай мэтадалёгіі і нават у псэўданавуковасьці[6].
Галоўныя працы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Легенда і рэальнасьць у старажытнай гісторыі Тыбэту (Легенда и действительность в древней истории Тибета)
- Гісторыя народу Хуну (История народа Хунну), 1960
- Адкрыцьцё Хазарыі (Открытие Хазарии), 1966
- Старажытныя цюркі (Древние тюрки), 1967
- Пошукі прыдуманага царства (Поиски вымышленного царства), 1970
- Хуну ў Кітаі (Хунну в Китае), 1974
- Этнагенэз і біясфэра Зямлі (Этногенез и биосфэра Земли), 1979
- Старажытная Русь і Вялікі стэп (Древняя Русь и Великая степь), 1989
- Тысячагодзьдзе вакол Касьпію (Тысячелетие вокруг Каспия), 1990
- Ад Русі да Расеі (От Руси к России), 1992
- Канец і зноў пачатак (Конец и вновь начало), 1992
- З гісторыі Эўразіі (Из истории Евразии), 1993
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Архіў прыгожых мастацтваў — 2003.
- ^ а б в г ГУМИЛЁВ // Большая российская энциклопедия (рас.) — Москва: Большая российская энциклопедия, 2004.
- ^ Гумилев Лев Николаевич // Литераторы Санкт-Петербурга. ХХ век (рас.) / под ред. О. В. Богданова
- ^ Исаев Ю. Н. Чувашская энциклопедия (рас.) — Чувашское книжное издательство, 2006. — 2567 с. — ISBN 978-5-7670-1471-2
- ^ Люди и судьбы. Биобиблиографический словарь востоковедов - жертв политического террора в советский период (1917-1991) (рас.) — СПб: Петербургское Востоковедение, 2013. — 496 с. — (Социальная история отечественной науки о Востоке) — ISBN 978-5-85803-225-0
- ^ Прапелер Пасіянарнасьці, альбо Тэорыя прыватызацыі гісторыі А.Кузьмін
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гумілёвіца (рас.)
- Старонка Льва Мікалаевіча Гумілёва (рас.)
- Гумілёвы — Ахматава і Бежацкі край (рас.)
- Гумілёў, Леў Мікалаевіч (1912—1992) (рас.)