Перайсьці да зьместу

Заграб

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Загрэб»)
Заграб
харв. Zagreb
Заграб
Герб Заграбу Сьцяг Заграбу
Дата заснаваньня: 1094
Краіна: Харватыя
Мэр: Томіслаў Томашавіч[d]
Плошча: 641 км²
Вышыня: 127 м н. у. м.
Насельніцтва (2018)
колькасьць: 820 678 чал.[1]
шчыльнасьць: 1280,31 чал./км²
Часавы пас: UTC+1
летні час: UTC+2
Тэлефонны код: +385 1
Паштовы індэкс: HR-10000, HR-10020, HR-10040, HR-10090, HR-10110
Нумарны знак: ZG
Геаграфічныя каардынаты: 45°48′47″ пн. ш. 15°58′38″ у. д. / 45.81306° пн. ш. 15.97722° у. д. / 45.81306; 15.97722Каардынаты: 45°48′47″ пн. ш. 15°58′38″ у. д. / 45.81306° пн. ш. 15.97722° у. д. / 45.81306; 15.97722
Заграб на мапе Харватыі
Заграб
Заграб
Заграб
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.zagreb.hr/

За́граб (ці За́грэб; па-харвацку: Zagreb) — сталіца і найбуйнейшы па колькасьці жыхароў горад Харватыі. Насельніцтва — 820 678 чалавек. Плошча — 641,355 км². Разьмяшчаецца ў падгор’і гары Мядзьведніцы. Праз горад працякае рака Сава.

18 красавіка 1991 году была заснаваная «Заграбская біржа».

Заграб на мапе Харватыі

Самым старым паселішчам, разьмешчаным недалёка ад сучаснага Заграбу, было рымскае паселішча Андаўтонія, якое існавала паміж I і V стагодзьдзямі нашай эры[2]. Першае зарэгістраванае зьяўленьне назвы Заграб датуецца 1094 годам, калі горад існаваў як два розных паселішча: меншы, усходні Каптол, населенае ў асноўным духавенствам, і большы, заходні Градэц, населены ў асноўным рамесьнікамі і гандлярамі. Градэц і Каптол аб’ядналіся толькі ў 1851 годзе, дзякуючы намаганьням Ёсіпа Елачыча. Менавіта ў гонар гэтага выбітнага харвацкага дзяржаўнага дзеяча і названа галоўная плошча Заграбу — плошча Ёсіпа Елачыча[3]. У пэрыяд існаваньня Югаславіі, Заграб заставаўся важным эканамічным цэнтрам краіны, і быў другім паводле велічыні горадам краіны. Пасьля таго, як Харватыя абвесьціла незалежнасьць ад Югаславіі, Заграб быў абраны ў якасьці сталіцы новаўтворанай краіны[4].

Старажытны Заграб

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя Заграбу датуецца яшчэ 1094 годам нашай эры, калі вугорскі кароль Ладзіслаў, вяртаючыся з паходу супраць Харватыі, заснаваў эпархію. Нароўні з новым біскупскім паселішчам, якое атрымала назоў Каптол, на суседнім узгорку паўстала ўмацаванае паселішча Градэц. Мяжой паміж населенымі пунктамі зьяўляўся ручай Медвешчак. На сёньня раёны, якія месьцяцца на месцы гэтых былых паселішчаў, зьяўляюцца аднымі з найбольш добра захавалых гарадзкіх ядраў у Харватыі. Абодва паселішчы зьведалі татарскі напад ў 1242 годзе. У знак удзячнасьці за прадстаўлены прытулак падчас татарскай навалы харвацкі і вугорскі кароль Бэла IV надзяліў Градэц залатой булай, якая надае грамадзянам гарадоў правы аўтаноміі, у тым ліку правы на заснаваньне сваёй уласнай судовай сыстэмы.

Ад 16 да 18 стагодзьдзяў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Каптол у 1686 годзе

Не зважаючы на тое, што існавалі шматлікія як эканамічныя, гэтак і па палітычных сувязі паміж эпархіяй Каптолу і вольным горадам Градэц, яны не былі вядомыя як адзіны інтэграваны горад, нават калі Градэц стаў палітычным цэнтрам Харватыі, Славоніі і Далмацыі. Места было абрана ў якасьці рэзыдэнцыі Нікалы Франкапана, бана Харватыі і Славоніі, ў 1621 годзе.

Па запрашэньні харвацкага парлямэнту езуіты прыехалі ў Заграб і пабудавалі першую гімназію, царкву Сьвятой Кацярыны і кляштар. У 1669 годзе яны заснавалі акадэмію, дзе выкладалі філязофію, тэалёгію і закон. Гэтая акадэмія лічыцца папярэдніцай сучаснага Заграбскага ўнівэрсытэту.

На працягу XVII і XVIII стагодзьдзяў Заграб моцна пакутваў ад пажараў і чумы. У 1776 годзе каралеўскае веча пераехала з Вараждзіна ў Заграб. А падчас панаваньня Ёзэфа II Заграб стаў штаб-кватэрай агульнага камандваньня Вараждзіна і Карлавацу[5].

У XIX стагодзьдзі Заграб стаў цэнтрам харвацкага нацыянальнага адраджэньня і пабачыў ўзьвядзеньне важных культурных і гістарычных установаў. У 1850 годзе Каптол і Градэц былі аб’яднаныя ў адзіны горад. Першым мэрам стаў Янка Камаўф[5]. Першая чыгуначная лінія, якая злучыла Заграб з паселішчамі Зідані Мост і Сісак, была адчынена ў 1862 годзе. У 1863 годзе ў горадзе быў адкрыты газавы завод. Вадаправод пачаў сваю працу ў Заграбе ў 1878 годзе.

Пасьля землятрусу ў 1880 годзе і да 1914 году горад працягнуў сваё разьвіцьцё. Першая конка зьявілася ў горадзе ў 1891 годзе. Будаўніцтва чыгуначных лініяў дазволіла старым прыгарадам паступова зьліцца ў Дольны Град, які характарызуецца будынкамі, якія пераважаюць у гарадох Цэнтральнай Эўропы. Акрамя таго ў горадзе зьявіліся шмат вялікіх будынкаў, помнікаў і паркаў, а таксама мноства музэяў, тэатраў і кінатэатраў. Першая гарадзкая электрастанцыя была пабудавана ў 1907 годзе. З 1 студзеня 1877 году штодня зь Вежы Лотршчак страляе гармата, што адзначае надыход апоўдню.

У першай палове XX стагодзьдзя адбылося значнае пашырэньне Заграбу. Да Першай сусьветнай вайны горад пашырыўся новымі раёнамі Стара Пэшчаніца на ўсходзе і Чрнаморац на захадзе. Пасьля вайны, новыя працоўныя кварталы, як то Трнье, паўсталі паміж чыгункай і Савай, у той час як будаўніцтва жылых раёнаў на пагорках паўднёвых схілаў Мядзьведніцы было завершана паміж двума сусьветнымі войнамі. У 1920-я гады насельніцтва Заграбу павялічылася на 70% — самы вялікі дэмаграфічны бум у гісторыі гораду. У 1926 годзе першая радыёстанцыя ў вобласьці пачала сваю працу[5].

Падчас Другой сусьветнай вайны Заграб стаў сталіцай незалежнай дзяржавы Харватыі, пры падтрымцы нацысцкай Нямеччыны і Італіі. Заграб зьведаў выпадкі тэрору рэжыму і дывэрсіяў супраціву. Ахвярамі рыжыму ўсташаў сталіся тысячы людзей у горадзе і ягоных ваколіцах. Горад быў вызвалены партызанамі ў канцы вайны.

Плошча Ахвярам фашызму

Вобласьць паміж чыгункай і ракой Савай стала цэнтрам новага будаўнічага буму пасьля Другой сусьветнай вайны. У сярэдзіне 1950-х гадох пачалося будаўніцтва новых жылых раёнаў на поўдзень ад ракі, у выніку чаго горад быў павялічаны раёнам Новы Заграб, пад першапачатковай назвай Паўднёвы Заграб. На сёньня Новы Заграб падзелены на дзьве гарадзкія акругі: Новы Заграб—Захад і Новы Заграб—Усход. Грузавы чыгуначны вузел і Міжнародны Заграбскі аэрапорт былі пабудаваныя на поўдзень ад ракі Савы. У 1987 годзе Заграб прымаў летнюю ўнівэрсіяду[5].

25 чэрвеня 1991 году Сабар Харвацкае Рэспублікі абвесьціў незалежнасьць Харватыі, а Заграб стаўся сталіцай незалежнай краіны. У 1991—1995 гадох падчас Харвацкай вайны за незалежнасьць у горадзе назіраліся некаторыя спарадычныя баявыя дзеяньні каля навакольляў казармаў югаслаўскага войска, аднак Заграб пазьбег сур’ёзных пашкоджаньняў. У траўні 1995 году горад быў абстраляны сэрбскай рэактыўнай артылерыяй, у выніку чаго загінулі сем грамадзянскіх асобаў.

Апошнім часам Заграб добра зьвязаны з навакольнымі прадмесьцямі Запрэшыч, Самабор, Дуга-Сяло і Вэліка-Горыца, у тым ліку дзякуючы Заграбскаму прыгарадныму цягніку.

Заграбскі нацыянальны тэатар

У Заграбе налічваецца 136 пачатковых школ і 100 сярэдніх школ, зь якіх 31 ёсьць гімназіямі. Акрамя таго, у Заграбе працуе 5 політэхнікумаў і 9 прыватных вышэйшых вучэбных установаў. Заграбскі ўнівэрсытэт зьяўляецца другім найстарэйшым унівэрсытэтам у Харватыі і адным з самых старых унівэрсытэтаў у Эўропе, то бок ён быў заснаваны ў 1669 годзе. Да 2009 году Заграбскі ўнівэрсытэт, скончыла больш за 200 тысячаў студэнтаў, больш за 18 тысячаў магістраў і дактароў філязофіі. У 2018 годзе Заграбскі ўнівэрсытэт уваходзіў у сьпіс 1000 найлепшых унівэрсытэтаў сьвету, колькасьць студэнтаў скаладала 73465 чалавек[6].

У горадзе працуюць 22 інстытуты ў вобласьці сацыяльных і натуральных навук. У Заграбе таксама знаходзіцца Харвацкая акадэмія навук і мастацтваў. Таксама ў горадзе месьцяцца два прыватныя ўнівэрсытэты, як то Каталіцкі ўнівэрсытэт Харватыі і Міжнародны ўнівэрсытэт Лібэртас.

Заграб знаходзіцца ў цэнтры разгалінаванай транспартнай сеткі. Буйныя сучасныя аўтамагістралі ідуць ад гораду ў кірунку на ўсход, у бок Славоніі, Бялграду і Осіеку (A3); на паўночны ўсход, у бок Чакаўцу, Вараждзіну і Вугоршчыны (A4); на паўднёвы захад, у кірунку Карлаваца, Рыекі і Спліту (A1); на паўночны захад, у бок Славеніі і Заходняй Эўропы (A2); на захад, у кірунку Брэганы і Любляны (A3). У напрамку Сісаку і Баня-Лукі на паўднёвы ўсход у цяперашні час будуецца аўтамагістраль (A11). Чыгунка зьвязвае Заграб з найбуйнейшымі гарадамі Харватыі і суседніх краінаў. У цэнтры гораду разьмешчаны буйны аўтобусны і чыгуначны вакзалы.

Аэрапорт Заграбу знаходзіцца за 17 кілямэтраў ад гораду. Прапускная здольнасьць — 2 мільёны пасажыраў у 2007 годзе.

Гарадзкі транспарт прадстаўлены разгалінаванай сеткай трамвайных і аўтобусных маршрутаў, а таксама фунікулёрнай лініяй на Тамічавай вуліцы ў гістарычным цэнтры гораду, якая злучае Верхні і Ніжні горад. Распрацаваны плян будаўніцтва лёгкага мэтро.

Выгляд на верхні горад
Касьцёл Сьвятога Марка
Усходняя частка г.зв. «Зялёнай падковы»

Каптол (Біскупскі горад)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля заснаваньня ў XI стагодзьдзі Заграбскага біскупства вакол Катэдры вырас квартал, у якім знаходзілася рэзыдэнцыя біскупа, а да яе прылягалі кварталы, у якіх сялілася прыслуга і рамесьнікі. У гэтай частцы гораду знаходзяцца:

Градзец (Верхні горад)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У разьмешчаным на захад ад Катэдравай гары Верхнім горадзе, або Градцы, знаходзіцца вялікая колькасьць будынкаў у стылях барока і гістарызму. У XIII стагодзьдзі гэтая частка гораду была ўмацаваная гарадзкім мурам з чатырма брамамі.

Ніжні горад узьнік у сярэдзіне XIX стагодзьдзі. У ім пераважаюць будынкі ў стылях гістарызм і югендстыль. Праз раён пралягае сыстэма бульвараў Зялёная падкова, узорам для якой паслужыла венская Рынгштрасэ. У раёне знаходзіцца шэраг музэяў.

  1. ^ [1]
  2. ^ «The Roman town of Andautonia». Andautonia Archaeological Park.
  3. ^ «Ban Josip Jelačić». Croatian Radiotelevision.
  4. ^ «Deklaraciju o proglašenju suverene i samostalne Republike Hrvatske». narodne-novine.nn.hr.
  5. ^ а б в г «The city of Zagreb». Croatian Radiotelevision.
  6. ^ «World University Rankings 2018». The World University Rankings

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]